ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,
сукупнасць метадаў, прызначаных для надання метал. дэталі, якая апрацоўваецца, пэўнай формы, зададзеных памераў або ўласцівасцей паверхневага слоя. Ажыццяўляецца ў электралізерах (электралітычных ваннах і інш.), дзе дэталь, што апрацоўваецца, з’яўляецца або анодам (анодная апрацоўка), або катодам (катодная апрацоўка), або тым і інш. папераменна. Асн. від катоднай Э.а. — гальванастэгія. Аноднымі метадамі Э.а. з’яўляюцца розныя віды электрахім. траўлення, аксідаванне, анадзіраванне, паліраванне і інш. Новы кірунак Э.а. — мікрадугавое аксідаванне — пашырае магчымасць атрымання аксідных пакрыццяў з рознымі карыснымі ўласцівасцямі.
т. 18, кн. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)